sitemapsitemap

Вандроўка па слядах цмока

5 траўня я прыняў удзел у незвычайным падарожжы – прэс-туры «Вандроўка з «Цмокам» па краіне цмокаў», якая была арганізавана кампаніяй «А-100». Падчас падарожжа працягласцю адзін дзень я з калегамі ўбачыў не толькі цікавасці, але і (сапраўдную) пячору цмока.

На самай справе гэтая вандроўка цікавая не адным толькі міфалагічным цмокам. У ёй змяшаліся беларуская гісторыя, літаратура і культура. Я ў чарговы раз зірнуў на родную краіну як на вельмі прыгожы і захапляльны кут, у якім яшчэ так шмат малавядомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў, дзякуючы якім можна лепш паразумець сябе і гісторыю айчыны. На жаль, шмат з каштоўнасцяў захаваліся у вельмі дрэнным і аварыйным становішчы. Касцёлы і сядзібы стаяць моўчкі і чакаюць, калі на іх звернуць увагу. Але сёння не толькі добраахвотнікі прымаюць удзел у папулярызацыі турызму на Беларусі. Пры актыўным удзеле такіх кампаній, як «А-100», людзі могуць пазнаеміцца з айчынай як з «невычарпальнай і багатай крыніцай для турызму і брэндынгу гарадоў».

Цмок можа стаць адным з сімвалаў Беларусі нараўні з буслом і зубрам. Так, наўрад ці яго можна ўбачыць, але можна даследаваць ўсе яго сляды, шукаць прыкметы пасялення. Вы здівіцеся, але сярод жыхароў беларусі нямала нават такіх, хто бачыў і нават ведаў цмока. І шмат гістарычных помнікаў захавалі выявы цмокаў. Жартуюць нават, что у статутах Вялікага княства Літоўскага меліся артыкулы аб абароне цмокаў. Але, так, гэта жарт.

Вандроўка

Першай кропкай вандроўкі быў касцёл Панны Марыі ў Параф’янава. Сучасны касцёл быў пабудаваны ў 1903 г. пад кіраўніцтвам Баляслава Корна. Гэта помнік архітэктуры ў стылі неабарока: базыліка з дзвюма закрыстыямі і дзвюма вежамі, паміж якімі знаходзіўся шчыт.

Тут жа адразу можна ўбачыць выяву цмока, дакладней змія, якога забівае Георгій Пераможца. Але гэты змій, на маю думку, злы. Беларускі міфалагічны цмок прыязней.

Далей мы прыбылі у Сітцы, дзе знаходзяцца рэшткі сядзібы Дамейкаў. Усе будынкі, альбо тое, што ад іх засталося, – у жахлівым стане. На фота – брама, ўзведзеная ў стылі барока. Тут быў уезд ў сядзібу. Зараз у паўразбуранай браме захавалася адна з дзвюх вінтавых лесвіц. Калісьці на вярху брамы меўся гадзіннік з драўляным механізмам. Калі гадзіннік пачынаў біць, гэта было чуваць, па словах некаторых старажылаў, за 5 кіламетраў.

Пасля паросшага пустазеллем Сітцаўскага парку Сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім выклікае надзею, што ў беларускай спадчыны ёсць шанцы. Сабор быў пабудаваны ў 1639 - 1654 і першапачаткова з’яўляўся касцёлам ордэна кармелітаў. У ліпені 1812 падчас знаходжання ў Глыбокім Напалеон зрабіў сваёй рэзідэнцыяй манастыр кармелітаў. Пакідаючы манастыр, імператар шкадаваў, што не можа ўзяць з сабой у Парыж сам касцёл, бо яго не сорамна было б ўсталяваць побач з Саборам Парыжскай Божай Маці. Сабор перажыў мноства трансфармацый і гаспадароў, нават некаторы час пасля Вялікай айчыннай вайны выкарыстоўваўся як склад кансервавага завода. Ён захаваўся у добрым стане. Яго дзверы і сення вітаюць нас выявай цмока.

Тым часам мы наблізіліся да пячоры Цмока. Знаходзіцца яна каля вескі Сахновічы, на высокім беразе возера Гінькава. Гэтае возера – трэцяе з самых глыбокіх азёр нашай краіны. Яго глыбіня дасягае 43 метраў. Недзе тут пачынаецца сцежка да пячоры цмока.

Возера вітае амаль некранутай прыродай і крутымі берагамі. Відаць, тут шмат рыбакоў, якія падтрымліваюць кладкі у добрым стане. Альбо гэта проста узлётна-пасадачная паласа для нашага цмока?

Вось яшчэ адна «паласа», найбліжэйшая да пячоры цмока. Як бацыче, мясцовасць тут дзікая, але такая родная.

А вось і яна – пячора. Знаходзіцца на вельмі стромкім схіле, на самым яго версе, пад дрэвам. Гэты цмок добра ведаў, як абараніць сябе ад няпрошаных гасцей.

Гэта ганак і ўваход. За ім – пячора. Нізкая і цесная, але шэсць чалавек разам прымудрыліся там змясціцца. Цікава і захапляльна тое, что у весцы Сахновічы жыве дзед, які памятае цмока, які тут жыў. Побач з пячорай ён меў лазню. Цмок мог ператварацца у чалавека. Альбо чалавек мог ператварацца ў цмока. Дакладна невядома. Але здаецца, што гэты цмок быў прыязным і добрым. І, як сведчаць людзі, што ведалі яго, загінуў ад стралы Пяруна.

А тут, напэўна, пячоры зусім маленькіх цмокаў.

Вяртаючыся да аўтобуса не перастаю захапляцца прыродай Беларусі. Такой простай і пакуль яшчэ чыстай і дзікай. Тут лёгка забываеш, што на двары – 21 стагоддзе. Дарэчы, тут вось кароценькае відэа пра возера з пункту гледжання нырцоў. 

У вёсцы Селішча знаходзіцца яшчэ адна гісторыка-культурная каштоўнасць, якая чакае часу свайго аднаўлення. Гэта барокавы касцёл святой Веранікі 1728 года. Касцёл паўразбураны, яго становішча прымушае сэрца сціснуцца. Такая прыгажосць гіне!

Яшча адна сядзіба чакае гаспадара, а дагэтуль знаходзіцца на кансервацыі. Прычым яна стаіць не ў нейкай глушы, а ў весцы. Добра, што сёння беларусы, якія жывуць побач з пакінутымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі не разбураюць іх (канешне, з гэтага правіла ёсць сумныя выключэнні).

Вось дзеці пажартавалі са сваёй бабулі, але да сядзібы іх творчасць не дакраналася.

Апошняй кропкай нашай вандроўкі з’яўляўся Лепель. Тут знаходзіцца першы ў Беларусі помнік цмоку. Лепель стаў радзімай цмока дзякуючы гістарычнаму раману Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». У ім апісваецца, як у сярэднявеччы ў Лепельскім возеры за адну ноч загінулі каля 40 цмокаў, падрабязна апісваецца вонкавы выгляд пачвараў.

Паводле апісання Уладзіміра Караткевіча лепельскі цмок не меў крыл. І быў больш падобны на лох-нескую пачвяру: « Тулава мелі тыя цмокі шырокае і трохі пляскатае, і мелі яны плаўнікі – не такія, як у рыбы, а такія таксама, як у фокі (цюленя), таўстамясыя, шырокія, але не дужа доўгія. Шыю мелі, па тулаву, дык тонкую і надта доўгую. А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі, і на галаву лані».

Помнік Льву Сапеге у Лепелі

Лепельская каталіцкая парафія была заснавана ў 1602 годзе, калі Леў Сапега загадаў пабудаваць тут каталіцкі храм. У 1604 годзе быў асвечаны храм Святога Казіміра, які стаў адным з першых трох каталіцкіх храмаў на Полацкай зямлі.

У верасні 1990 г. Лепельскую каталіцкую парафію ўзначаліў неардынарны чалавек – ксёндз Мечыслаў Мікалаевіч Янчышын з Польшчы. Ён пачаў рамонт будынка касцёла Св. Казіміра. У 1993 г. тут ужо ішло набажэнства.

Лепельскае возера

Яўген Дудараў
Галоўны рэдактар «AUTO BILD Беларусь»
фота аўтара

Комментарии ()

  1. Наталля Радзівілка 08 мая 2015, 09:28 # 0
    Дзякуем за ўдзел, і здымкі вельмі прыгожыя, прафесійныя.
    страховой ремонт

    USA_auto